СМИ о Центре


28.07.2012

Гісторыя яўрэйскага народа папоўніцца новымі фактамі

Дзяннiца | Щучинская районная газета

Ссылка на оригинал статьи

У нядзелю ў Жалудку пачала працаваць палявая школа, арганізаваная расійскім цэнтрам “Сэфер” і ГрДУ імя Я. Купалы
19 студэнтаў і чатыры выкладчыкі з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы на працягу тыдня будуць працаваць у Жалудку. Што прывяло іх на нашу шчучынскую зямлю? Імкненне знайсці як мага больш звестак пра яўрэяў, дасканала вывучыць надпісы на помніках на яўрэйскіх могілках і падрабязна апісаць іх. Такім чынам гісторыя гэтай народнасці папоўніцца новымі фактамі.
– Палявая школа – выдатная магчымасць для студэнтаў выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы, набыць навыкі даследчай дзейнасці, – выступаючы на адкрыцці школы, заўважыў Сяргей Аркадзьевіч Піваварчык, загадчык кафедры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, адзін з арганізатараў праекта. – Шчыра прызнацца, я вельмі рады, што з усяго прапанаванага спісу населеных пунктаў аднадушна быў выбраны Жалудок. Магчыма, гэта нават паспрыяе развіццю міжнароднага турызму, і пасёлак стане яшчэ больш вядомы за межамі нашай краіны.


Лекцыю чытае С.А. Піваварчык– “Сэфер” (што ў перакладзе значыць “кніга”) – гэта цэнтр, які каардынуе дзейнасць акадэмічных структур і самастойных даследаванняў у галіне іудайкі (усё, што звязана з яўрэйскай тэматыкай) ва ўсіх краінах СНД і Балтыі, – патлумачыла памочнік каардынатара адукацыйных праграм цэнтра Ірына Уладзіміраўна Капчонава. – У Жалудку будуць працаваць адразу дзве групы: этнографы і эпіграфісты. Задача этнографаў – сустракацца з насельніцтвам і запісваць успаміны людзей, а эпіграфісты будуць вывучаць надпісы на помніках. Дарэчы, гэта школа адкрыла сезон палявых школ цэнтра “Сэфер”: літаральна праз тыдзень пачне працаваць палявая школа ў Латвіі, а затым і ў Малдове.
– Трапіць у такое месца, дзе цесна пераплятаюцца самыя розныя культуры –  праваслаўная, каталіцкая, іудзейская – мы марылі даўно, – прызнаецца Вольга Уладзіславаўна Бялова, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела этналінгвістыкі і фальклору Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук. – Яшчэ восем год таму, калі мы праязджалі па гэтых мясцінах, зразумелі, што ў кожнага куточка тут свая гісторыя, пра якую нам вельмі хацелася даведацца. Таму сёлета мы абсалютна ўсвядомлена выбралі Жалудок месцам для размяшчэння школы. 
Цёпла віталі гасцей пасёлка старшыня Жалудоцкага пасвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі і кіраўнік адзінага на тэрыторыі Гродзенскай вобласці цэнтра ўстойлівага развіцця Таіса Уладзіміраўна Трукшына. Генадзій Іванавіч расказаў удзельнікам сустрэчы аб тым, што ў пасёлку ўдалося захаваць многія старажытныя будынкі. Нават за некалькі дзён, якія правядуць госці ў Жалудку, можна адчуць унікальнасць тутэйшай зямлі. А Таіса Уладзіміраўна пазнаёміла прысутных з праектамі, у якіх прымалі ўдзел жалудчане, і расказала аб далейшых планах і перспектывах развіцця пасёлка. 
На яўрэйскіх могілкахПраект, які рэалізуецца гэтымі днямі ў Жалудку, не толькі навукова-даследчы, але і адукацыйны. Удзел у яго рэалізацыі намераны прыняць і школьнікі Жалудоцкай школы. Дырэктар Уладзімір Анатольевіч Васількевіч сам гісторык, і, безумоўна, яго зацікавіла работа палявой школы.  
За гады дзейнасці цэнтра “Сэфер”, а арганізаваны ён быў у 1994 годзе, яго ўдзельнікі сабралі багаты матэрыял. 
– Мы выязджаем ў рэгіёны, звязаныя з іудайкай, – расказвае Ірына Уладзіміраўна Капчонава. – Большасць удзельнікаў – гэта моладзь, аднак часта да нас далучаюцца і людзі, якія ўжо сказалі сваё важкае слова ў навуцы. І ў гэтай школе некалькі кандыдатаў навук. Іудайка – даволі малады накірунак дзейнасці. Акрамя палявых школ мы праводзім канферэнцыі, арганізуем стажыроўку для маладых даследчыкаў у яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме, прапануем паслугі лектарскага бюро. Адзін з нашых пастаянных акадэмічных партнёраў – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.
У першы дзень работы палявой школы яе ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй пасёлка, праслухалі некалькі лекцый і пабывалі на канцэрце мінскага спевака Аляксея Жбанава, які хоць і не з’яўляецца носьбітам яўрэйскай культуры, але глыбока яе ведае і паважае. Як прызнаўся Аляксей у час інтэрв’ю, яўрэйскія песні яго краналі з самага дзяцінства, уражвалі сваім непадабенствам на іншыя.
Спявае Аляксей Жбанаў– Я разумеў ідыш, таму што добра валодаю нямецкай мовай, – расказвае Аляксей. – Нямецкая лексіка і складае аснову ідыш, у якой, дарэчы, шмат і беларускіх слоў. Я выконваю песні на свае вершы, на вершы беларускіх класікаў, у маім рэпертуары ёсць творы студэнцкага фальклору. Яшчэ адзін з накірункаў – песні на ідыш і ў перакладзе на беларускую мову. 
– Работа палявой школы вельмі важная для нашага пасёлка, – упэўнены Генадзій Іванавіч Цывінскі, паказваючы нам яўрэйскія могілкі, на якіх будуць весціся работы. – Напэўна, пасля праведзеных даследаванняў стануць вядомыя новыя факты з гісторыі Жалудка. Гісторыя яўрэйскага народа, яго захаванні – гэта і наша гісторыя. І справа гонару – даглядаць належным чынам такія мясціны. Дарэчы, асаблівыя словы падзякі хачу выказаць работнікам камунгаса і “Жалудоцкага агракомплексу”, якія ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні могілак.
Ганна РУДСКАЯ. 
Фота Андрэя ЦЕСЛЮКА.





З першых вуснаў

Алена 
СМІРНОВА, 
гамяльчанка, 
навучэнка 
магістратуры 
каталіцкага 
ўнверсітэта 
г. Лёвен
у Бельгіі:

– Я закончыла Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе. Першы раз прымала ўдзел у рабоце палявой школы ў 2009 годзе ў Маскве. Мяне вельмі цікавіць гісторыя Беларусі, гісторыя яўрэяў. Мне заўсёды прыемна гутарыць са сталымі людзьмі, яны так многа ведаюць, а кожны іх расказ – проста скарбонка інфармацыі. Вельмі спадзяюся і ў Жалудку натрапіць на цікавых суразмоўцаў.
Маргарыта 
КАЖАНЕЎСКАЯ, 
Віцебская 
вобласць:

– Я займаюся ў магістратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пішу дыплом па гісторыі яўрэяў. У падобнай экспедыцыі прымаю ўдзел другі раз. Я нарадзілася ў каталіцкай сям’і, аднак з цікавасцю вывучаю гісторыю яўрэйскага народа. А расла ў такім жа мястэчку, як Жалудок, таму мне як мага больш хочацца ведаць пра такія ж населеныя пункты. Думаю, што абсалютна ўсё, што давядзецца мне тут пачуць і знайсці, будзе вельмі дарэчы ў маёй даследчай дзейнасці.

 

Міхаіл 
ВАСІЛЬЕЎ, 
аспірант 
інстытута краін 
Азіі і Афрыкі 
МДУ імя 
Ламаносава:

– Удзел у мерапрыемствах цэнтра “Сэфер” я прымаю ўжо некалькі год запар. Працаваў у палявых школах на тэрыторыі Малдовы, ва Украіне, у Расіі… Іудайка – галіна, якою я займаюся прафесійна. Працаваць у новым калектыве заўсёды цікава. Хочацца знайсці раней невядомы матэрыял, апрацаваць яго, для сябе адкрыць нешта новае… Упэўнены, каларытны Жалудок нікога з нас не расчаруе.












Возврат к списку